top of page
Фото автораВладыка Вера Сцяпанаўна

Парады выпускнікам па падрыхтоўцы да выпускнога экзамену па беларускай мове


Экзамен - гэта заўсёды выпрабаванне, якому павінна папярэднічаць сур'ёзная, грунтоўная падрыхтоўка.

Па беларускай мове за курс сярэдняй школы вучні здаюць пераказ тэксту. Падрыхтоўка павінна пачынацца загадзя, бо трэба не толькі паўтарыць правілы арфаграфіі і пунктуацыі, але і навучыцца працаваць з тэкстамі.

Большасць вучняў памылкова лічыць, што галоўнае - перадаць тэкст як мага бліжэй да арыгіналу. Між тым зусім не трэба імкнуцца пераказаць тэкст "слова ў слова", важна "выявіць галоўную думку (ідэю) твора ці ўрыўка, раскрыць яе праз перадачу зместу ў пэўнай паслядоўнасці , захоўваючы моўныя і стылёвыя сродкі ў адпаведнасці з ідэйна-мастацкай задачай зместу". Такі падыход дазваляе вучням выявіць свае творчыя магчымасці, а галоўнае - пазбегнуць цяжкасцей у напісанні.

Так, амаль заўсёды можна замяніць сінонімам ці блізказначным слова, у напісанні якога вы сумняваецеся.

Можна нават прапусціць слова, словазлучэнне, пэўную сінтаксічную канструкцыю, калі не памятаеце дакладна, як афармляць яе на пісьме (зразумела, такі пропуск магчымы толькі тады, калі ён не разбурае сказ, не робіць выказванне незразумелым).

Можна змяніць парадак слоў у сказе, "падагнаць" яго пад правіла, якое вы ведаеце дакладна.

Нарэшце, можна перабудаваць сказ (напрыклад, складаны бяззлучнікавы ў складаназлучаны ці складаназалежны, простую мову замяніць ускоснай, з аднаго складанага сказа зрабіць некалькі простых і г.д.).

Словам, галоўная задача - знайсці аптымальны варыянт перадачы зместу тэксту і лепшага яго афармлення. Гэта задача пад сілу падрыхтаваным да такога віду творчай працы, як пераказ.

Пры самастойнай падрыхтоўцы можна параіць дапаможнік, складзены С.І. Цыбульскай. Структура яго адпавядае зместу школьнай праграмы па беларускай мове. Аднак некаторыя пытанні разглядаюцца больш падрабязна, іншыя толькі агаворваюцца, нагадваюцца. Такі падыход да выкладання матэрыялу - вынік шматгадовых назіранняў і аналізу работ абітурыентаў розных навучальных устаноў г. Мінска. Таму ў адным параграфе вы знойдзеце тлумачэнні, парады, разважанні, у другім - схемы і табліцы, у трэцім - "сухія" правілы.

Задача вучняў - прааналізаваць тэарэтычны матэрыял, разабрацца ў ім, зразумець, што трэба завучваць (напісанні, правілы пастаноўкі знакаў прыпынку, асаблівасці беларускага сінтаксісу), а што - асэнсаваць.

Падрыхтоўка да экзамену ў форме пераказу мае сваю спецыфіку. Такі від работы, як дыктант, патрабуе пэўнага ўзроўню развіцця слыхавай (маторнай) памяці; рыхтуючыся да тэсту, неабходна развіваць найперш памяць зрокавую. Якаснае напісанне пераказу патрабуе даволі высокага развіцця абодвух відаў памяці. Таму заданні, змешчаныя ў дапаможніку, арыентаваны на развіццё і слыхавай, і зрокавай памяці.

Разам з тым многія практыкаванні арыентаваны на развіццё і ўдасканаленне камунікатыўных навыкаў (уменняў дакладна ўжываць словы,

захоўваць іх лексічную спалучальнасць, будаваць словазлучэнні і сказы, пераказваць тэкст з захаваннем пэўных стылёвых асаблівасцяў).

Абавязкова выконвайце ўсе практыкаванні - гэта дапаможа вам замацаваць веды па тэорыі, выпрацаваць уменне карыстацца правіламі на практыцы.

Кожны раздзел дапаможніка змяшчае заданне напісаць пераказ тэксту. Гэтыя тэксты, як правіла, меншыя за тыя, што даюцца на экзаменах, аднак не варта пачынаць адразу з вялікіх: справіцца з імі можна толькі пасля пэўнай падрыхтоўкі. Пасля таго як пераказ напісаны яго неабходна праверыць , вярнуцца да тэксту, прааналізаваць найбольш цяжкія напісанні, растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку, адзначыць магчымую пунктуацыйную варыянтнасць. Для таго, каб веды былі больш трывалымі, а ўменні дасканалымі, пасля кожнага практычнага задання неабходна выканаць работу над памылкамі. Гэта найбольш дзейсная прафілактыка памылак: прааналізаваць моўную з'яву, успомніць адпаведнае правіла, самастойна падабраць прыклады на гэта правіла - словам, асэнсаваць, чаго раней не ведаў і на што трэба яшчэ раз звярнуць увагу.

Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны "Зборнік матэрыялаў для выпускнога экзамену па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” за перыяд навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі” (тэксты для пераказаў), які варта мець кожнаму, хто рыхтуецца здаваць экзамен у форме пераказу ў школе.

Бясспрэчна, лепш рыхтавацца да экзамену пад кіраўніцтвам спецыяліста - настаўніка, выкладчыка падрыхтоўчых курсаў, рэпетытара. Але, калі гэта немагчыма, не трэба адчайвацца: дапаможнік якраз разлічаны на самастойную працу абітурыентаў, у ім ёсць раздзел "Адказы да практыкаванняў", які дапаможа вам праверыць сябе.

Усе пытанні, якія ўзнікаюць пры працы з тэарэтычным матэрыялам, практыкаваннямі, тэкстамі, абавязкова трэба занатаваць (можна адвесці для гэтага некалькі старонак у рабочым сшытку), каб потым задаць іх на кансультацыі, якая звычайна праводзіцца напярэдадні экзамену.

7 просмотров0 комментариев

Comments


Пост: Blog2_Post
bottom of page